БАРКАЛА́БАЎСКІ ЖАНО́ЧЫ МАНАСТЫ́Р УШЭ́СЦЯ.

Існаваў у 1641—1918. Засн. 24.6.1641 Багданам Статкевічам ва ўрочышчы Барок каля в. Баркалабава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. разам з цэрквамі Ушэсця Хрыста і Нараджэння Іаана Прадцечы. Першыя манашкі былі з Куцеінскага манастыра (каля Оршы), адкуль запазычаны і статут. У 1659 у манастыры з’явіўся цудатворны абраз Маці Божай. Да 1772 манастыр знаходзіўся пад юрысдыкцыяй кіеўскіх мітрапалітаў, потым падначалены магілёўскаму епіскапу. З-за таго, што будынкі падмываў Дняпро, у 1835 б.ч. манашак пераведзена ў Буйнічы, дзе напярэдадні быў адчынены жаночы манастыр. У 1901 Баркалабаўскі манастыр адноўлены, пры ім існавала аднакласная школа для дзяўчатак. Зачынены ў 1918, будынкі разбураны, абраз захаваўся. Першапачаткова ў Баркалабаве планаваўся мужчынскі манастыр св. Духа (1626), але з-за смерці яго фундатара Багдана Саламярэцкага не быў адкрыты.

А.А.Ярашэвіч.

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)